Васількі ў маім сэрцы

25.02.2023

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў ДУА «Сярэдняя школа № 19 г. Брэста» завяршыўся літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Васількі ў маім сэрцы». Васілёк — сімвал нашай Радзімы, сімвал чысціні і духоўнай сілы, сімвал красы. Як пісаў Максім Багдановіч, «…добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?».

У літаратурна-музычнай кампазіцыі прагучалі вершы А. Дзеружынскага, В. Жуковіча, М. Чарняўскага, М. Багдановіча, З. Дудзюк. Гучалi народныя песні, а таксама песні на словы Зінаіды Дудзюк. Дарэчы, музыку да iх напiсаў педагог дадатковай адукацыi нашай школы Анатоль Сяргеевiч Хвораст. Прысутныя ўбачылі танец пад мелодыю песні «Слуцкія ткачыхі» на словы М. Багдановіча,  пазнаёміліся з легендамі пра ўзнікненне кветкі васілёк. Кожны верш, кожная песня, танец былі прысвечаны Радзіме і асвечаны красою (прыгажосцю) васілька.  Кожны радок гэтых твораў прасякнуты любоўю да жыцця і вялікай глыбінёй пачуццяў, што не магло не адгукнуцца не толькі ў сэрцы выканаўцаў, але і гледачоў. Было цікава даведацца, што выява кветкі стала выкарыстоўвацца ў якасці эмблемы ці лагатыпа, каб падкрэсліць аўтэнтычнасць і прыналежнасць да Беларусі.

Завяршылася мерапрыемства сустрэчай з Зінаідай Дудзюк, берасцейскай пісьменніцай.

1 4
3
2